Поиск

Сохраненные статьи

Вы еще не добавили ни одной статьи в закладки!

Просмотр статей

Согласие!

Мы используем файлы cookies для улучшения работы сайта. Оставаясь на нашем сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.
Для обеспечения удобства пользователей сайта мы используем Политику конфиденциальности персональных данных

Рай для дачнікаў, або Сакрэты Роднага сяла Сенненскага раёна

Роднае сяло Сенненскага раёна размешчана на беразе штучнага возера. Вадаём узнік у 1950-х, калі пры будаўніцтве Багушэўскага рыбагадавальніка запрудзілі рэчку Чарнічанку. Да 1964 года вёска мела іншую назву – Дзяругі. Старэйшыя жыхары суседніх населеных пунктаў працягваюць называць тутэйшых месцічаў па-старынцы – дзеружане.

Экскурсаводам у прагулцы па дзвюх вуліцах і ваколіцах Роднага Сяла стаў Генадзь Асіпкоў. Як толькі мы адышлі, над вёскай навісла хмара. Але гід супакоіў: дажджу не будзе. Маўляў, даўно заўважана, што калі насоўваецца з боку Віцебска, то ападкаў у Родным Сяле не бывае. А вось калі ад Оршы і Багушэўска – чакай дажджу. Праўда, у канцы нашай паўтарагадзіннай вандроўкі шматгадовыя назіранні не спраўдзіліся: з чарговай віцебскай хмары сыпануў кароткачасовы лівень.

Генадзь Асіпкоў нарадзіўся ў Дзяругах у 1962-м, а праз сем гадоў пайшоў у Роднасельскую пачатковую школу, што знаходзілася побач з бацькоўскай хатай. Тры дзесяцігоддзі ён жыў у Віцебску, але потым вярнуўся ў вёску даглядаць хворую маці ды так і застаўся на малой радзіме.

Рай для дачнікаў 

Па словах старэйшыны вёскі Алены Клюшэнкі, у Родным Сяле разам з дачнікамі пражываюць 45 чалавек. Дарэчы, яна сама з Віцебска, пастаянна жыве ў вёсцы з 2000 года, працуе псіхолагам у Багушэўску. Новых землеўладальнікаў прываблівае маляўнічае месца, і ў першую чаргу возера. Адна яго частка належыць рыбагадавальніку, другая – у агульным карыстанні. У асноўным тут водзяцца шчупак, акунь, краснапёрка, лінь, трапляецца і карп. На рыбалку, асабліва па першым лёдзе, прыязджаюць віцябчане і аршанцы. На возеры на працягу двадцаці гадоў жыве пара лебедзяў. Сёлета ў іх вывелася ажно восем птушанят, а звычайна — па два-тры.

У дарэвалюцыйныя часы на Чарнічанцы стаяў млын. Калі зніжаецца ўзровень вады, бачна яго кола. Крыху далей па беразе ёсць рэшткі фундамента дома млынара.

Мост талакой 

Мінулай восенню жыхары і дачнікі Роднага Сяла ўласнымі сіламі замянілі пешаходную пераправу праз запруджаную Чарнічанку. Ініцыятарам і асноўным спонсарам работ была сям’я Івана і Марыі Праскуравых з Віцебска, усялякае садзейнічанне аказваў старшыня Багушэўскага сельсавета Вячаслаў Багданаў. Заліўкай бетоннай асновы, зваркай і афарбоўкай каркаса, насцілам дошак займаліся Генадзь Асіпкоў, Аляксандр Платаненка, Анатоль и Руслан Клыкоўскія. Калі зімой ўстанаўлівалі канструкцыю, дапамагалі Вячаслаў Багданаў з сынам і ўсе, хто быў з мужчын на месцы.

Ранейшы драўляны мост тут знаходзіўся здаўна. Па ім хадзілі ў лес па грыбы-ягады, набраць чыстай вады ў крыніцы. Частка сялян працуе на базе адпачынку «Прыазёрны бор», што знаходзіцца на супрацьлеглым беразе і належыць аршанскаму заводу «Чырвоны барацьбіт». Драўляныя канструкцыі з часам зношваліся і часта патрабавалі рамонту. Таму было вырашана зрабіць мост металічным.

Пераправа праслужыць доўгія гады і пакіне добрую памяць для будучых пакаленняў.

Фёдар – Фёдару 

23 жніўня 1943 года на краі поля каля вёскі адбылася жудасная трагедыя. Падчас карнай аперацыі акупантаў былі расстраляны 24 чалавекі з чатырох сем’яў, якія жалі жыта. У жывых засталіся толькі дзве дзяўчынкі-немаўляткі – яны, запеленаваныя, спалі пад складзенай са снапоў бабкай. У ліку ахвяр фашыстаў быў Фёдар Шышалаў са сваёй сям’ёй. Пасля вайны яго брат, таксама Фёдар Шышалаў, уласнаручна адліў з цэменту і ўстанавіў на брацкай магіле помнік радні. Ён быў франтавіком, дайшоў да Берліна. Вярнуўшыся, ажаніўся з Дар’яй, удавой загінуўшага на фінскай вайне роднага брата Васіля. У яе на руках было чацвёра дзяцей – Галіна, Яўгенія, Аляксандра і Дзмітрый. Пазней у Фёдара і Дар’і нарадзілася дачка Таіса. Аляксандра Пегава з той сям’і, дарэчы, яна цётка Генадзя Асіпкова. У маладосці пятнаццаць гадоў жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе. Потым пераехала ў Віцебск, працавала на камбінаце будматэрыялаў, мэблевай фабрыцы. На пенсіі з 1991 года, з таго часу на лета прыязджае ў Роднае Сяло «дамаўнічыць» як дачніца.

Штогод на Вялікдзень, калі на вясковых могілках збіраюцца людзі, каб памянуць памерлых, радня ахвяр вайны прыходзіць на памятнае месца, якое цяпер знаходзіцца ў лесе. Агароджу вакол магілы ўстанавілі дзве цудам ацалелыя дзяўчынкі, цяпер яны жывуць у Расіі.

Маскоўскі праспект 

Менавіта так паміж сабой жыхары Роднага Сяла называюць адну з дзвюх вуліц. За кошт дачнікаў яна самая населеная, і калі яны ўсе разам ідуць да аўталаўкі, сапраўды нагадвае ажыўлены аднайменны праспект абласнога цэнтра.

Але ёсць і іншая версія. Калісьці ў канцы вуліцы жыў Сцяпан Андрэйчанка, які атрымаў вясковую мянушку — Масквіч. Разам з сям’ёй ён пераехаў у тагачасныя Дзяругі з Лёзненскага раёна. Відаць, яму надакучыла аднатыпнае пытанне «Адкуль прыехаў?» і аднойчы адказаў: з Масквы. Так і стаў Масквічом, у далейшым мянушка передалася сыну Уладзіміру.

Зараз на бацькоўскай сядзібе мае дачу Людміла Сахнова. Яна 34 гады адпрацавала ў фарбавальным цэху «КІМа», заслужыла права на льготную пенсію. На пяць гадоў раней выйшаў на заслужаны адпачынак і яе муж Уладзімір, які пасля віцебскага СГПТУ №57 усё жыццё прысвяціў прафесіі электрагазазваршчыка, што таксама ўваходзіць у рэестр шкодных. Родам ён з суседняй вёскі Заветнае (былая назва Гапоны), з жонкай пазнаёміўся на танцах. У Сахновых дзве дачкі і чацвёра ўнукаў, старэйшы вучыцца на трэцім курсе БДУ.

Запаляр’е – Беларусь 

Такі маршрут стаў звыклым для Веры Цвятковай на працягу апошніх пятнаццаці гадоў. Жыхарка Апатытаў Мурманскай вобласці знаходзіцца ў Родным Сяле з красавіка па верасень. У суседнім Заветным таксама маюць дачу дачка з зяцем. Праўда, яны праводзяць там толькі працоўны адпачынак. Сёлета былі складанасці з прыездам з-за каранцінных мер па каранавіруснай інфекцыі. Давялося браць на траіх пуцёўкі ў беларускі санаторый. Адзінаццаць дзён правялі ў «Сасновым бары» пад Мінскам і толькі потым трапілі на дачы. Позні прыезд не дазволіў пасадзіць гародніну ў аптымальны тэрмін, таму звыклага ўраджаю няма. А так, кожную восень Вера Аляксееўна вязе ў Апатыты роднасельскую бульбу, буракі, моркву, яблыкі. Добра, што ў зяця немаленькая машына. У сувязі з адменай руху чыгуначнага транспарту паміж Расіяй і Беларуссю, зноў жа з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, гэтым разам Вера Цвяткова будзе вяртацца ў Запаляр’е з перасадкамі. На аўтобусе даедзе да Санкт-Пецярбурга, там сустрэне ўнучка і пасадзіць на цягнік.

«Рэ» падоўжанае 

Вясной знік дарожны ўказальнік з назвай вёскі. Алена Клюшэнка зрабіла заяўку на ўстаноўку новага. Але ў ім цяпер значыцца «Р. Сяло». Гэта не задавальняе месцічаў, таму старэйшына выступіла з просьбай да адпаведных службаў, каб на знаку была поўная назва.

Фота Сяргея КАВАЛЕЎСКАГА.


Следующая новость
В БГУ разработали компьютерную программу по перепрофилированию известных лекарств