Бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Чэрасы Міёрскага раёна Валянціна Пальчэўская кіруе не толькі ўзгаданай установай культуры, таксама яна з’яўляецца старэйшынай гэтага населенага пункта і яшчэ васямнаццаці вялікіх і малых вёсачак, размешчаных на тэрыторыі Міёрскага сельсавета. Да таго ж жанчына абрана дэпутатам дадзенага сельсавета, на яе плечы ўскладзены паўнамоцтвы намесніка старшыні сельвыканкама на грамадскіх пачатках.

– Як вы паспяваеце выконваць такі вялізны аб’ём работы?

– Галоўнае – не ляніцца, а ісці насустрач праблемам людзей, быць зацікаўленай у іх станоўчым вырашэнні, тады і сама асалоду ад гэтага атрымліваю, – кажа Валянціна. – Я нарадзілася ў сельскай мясцовасці, пасля заканчэння школы атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, а затым і вышэйшую – у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Вярнулася на малую радзіму, каб сваёй працай прыносіць карысць у роднай мясцовасці. Перад цяжкасцямі ніколі не скаралася, старалася аказваць людзям усебаковую дапамогу. Магчыма, таму ў 2011 годзе мяне абралі старэйшынай.

– Што ўваходзіць у вашы абавязкі?

– У пачатку года раблю перапіс хатняй гаспадаркі ў кожным двары замацаванай за мной вёскі. Ажыццяўляю збор падаткаў на самаабкладанне. Арганізую насельніцтва на правядзенне суботнікаў, на ўласным прыкладзе паказваю, што мерапрыемствы па добраўпарадкаванні павінны праходзіць з ранняй вясны і да позняй восені. Дзякуючы гэтаму вёскі нашага сельсавета адны з самых прыгожых у раёне, а сядзібы – дагледжаныя.

– З якімі праблемамі звяртаюцца да вас мясцовыя жыхары?

– У малых вёсках большасць насельніцтва сталага ўзросту. Многія, якія не маюць родных і блізкіх людзей, звяртаюцца за дапамогай у апрацоўцы зямельных надзелаў, абкосе прысядзібных участкаў. Зімой займаемся задавальненнем патрэб насельніцтва ў паліве, расчыстцы дарог, вуліц і падворкаў ад снежных сумётаў. Ніводны зварот не застаецца па-за ўвагай, бо нельга лю­дзей пакідаць сам-насам з праблемамі.

– Але ж асноўная ваша праца – бібліятэкар. Ці ахвотна цяпер насельніцтва чытае кнігі?

– У нашым аграгарадку Чэрасы пражываюць 352 чалавекі, з іх 56 – дзеці. Маюцца сельскі Дом культуры, паштовае аддзяленне, дзве крамы, фельчарска-акушэрскі пункт. Умовы пражывання максімальна набліжаны да гарадскіх, напэўна, таму і моладзь тут застаецца, будуе жыллё. Дзеці з ахвотай прыхо­дзяць да мяне ў бібліятэку за літаратурай, нават у летні перыяд не толькі мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі наведвалі ўстанову культуры, але і гарадскія прыходзілі ў храм кнігі. Нядаўна я праводзіла апытанне сярод мясцовых жыхароў наконт таго, якая кніга ім больш даспадобы – друкаваная або электронная. Большасць апытаных адказала – тая, якую можна трымаць у руках, перагортваючы папяровыя старонкі. Гэта акалічнасць асабліва радуе.

– За населенымі пунктамі нашага сельсавета замацаваны сем старэйшын, яны ж з’яўляюцца і дэпутатамі сельсавета. Кожны з іх вельмі адказны і сумленны чалавек, які не лічыцца з уласным часам, цалкам аддае сябе грамадскай дзейнасці. Да ліку такіх адносіцца і Валянціна Пальчэўская, – кажа старшыня Міёрскага сельвыканкама Галіна Шынкевіч. – На экалагічным фестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», які ў чарговы раз пройдзе ў Міёрах 19 верасня, жанчына будзе прадстаўляць падвор’е нашага сельсавета. Аўтарскай стравай, прадстаўленай на форуме, стануць «Журавіны ў сахары» – брэнд Міёршчыны.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара