Аляксандр Жук пачынаў працаваць на сваёй малой радзіме ў ААТ «Туркова» Міёрскага раёна на пасадзе механіка, а ўжо чацвёрты год кіруе сельскагаспадарчым таварыствам. Дапамагаюць яму ў гэтай нялёгкай справе землякі.

– Працуючы механікам, дасканала вывучыў на практыцы ўсе тонкасці гэтай прафесіі, асвоіў лінейку тэхнікі, з легкасцю цяпер кірую і трактарам, і на грузавым аўтамабілі таксама выканую тую або іншую работу, – кажа нам Аляксандр.

З раніцы маладому кіраўніку трэба даць даручэнні галоўным спецыялістам на выкананне адпаведных спраў. На працягу дня аб’ехаць гаспадарку, выявіць недахопы ў агранаміі або заатэхніі, пракантраляваць работу інжынернай службы і проста пагутарыць з людзьмі.

Цяпер на сельгаспрадпрыемстве асабліва напружаная пара. Нягледзячы на тое, што жніво амаль скончана, хлебаробы закладваюць аснову ўраджаю будучага года, планава вядзецца корманарыхтоўка. Калі сенажаці ўжо скошаны – зрулонена сена, закладзены ў траншэі сянаж, то сваёй уборкі яшчэ чакае кукуруза і нарыхтоўка сіласу з яе.

Калі мы наведалі гаспадарку, на апошніх гектарах ішла ўборка зерневых і зернебабовых культур. На ўчастку працавалі два камбайны «Палессе» КЗС-1218.

– Гэта нашы лідары – Віктар Ставінскі і Сяргей Максіменка, – працягвае Аляксандр. – Абодва знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але не здраджваюць роднай гаспадарцы, калі прыходзіць жніво – садзяцца за штурвалы сваіх камбайнаў і ўбіраюць збажыну.

У гутарцы з Віктарам мы даведаліся, што мужчына шмат гадоў адпрацаваў у гаспадарцы на трактары, трынаццаць сезонаў – на камбайнах розных марак. Летась кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даверыла яму новы «Палессе» КЗС-1218.

Калега Віктара Сяргей Максіменка спыніў свой камбайн пад выгрузку зерня. Мужчына ў мінулым працаваў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, а калі браў працоўны водпуск, то абавязкова дапамагаў вяскоўцам на жніве. Сёлетні год – не выключэнне.

А вось Сяргей Лонскі шчыруе на новым грузавым аўтамабілі МАЗ з прычэпам. Калі гаспадарка набыла гэту тэхніку, было праблематычна знайсці вадзіцеля. Адны не хацелі кіраваць сучасным аўтамабілем, у іншых не было ў пасведчанні адпаведнай катэгорыі. А Сяргей пасля васьмі гадоў працы вадзіцелем-міжнароднікам згадзіўся зноў вярнуцца ў родныя мясціны, бо дома і дыхаецца лягчэй, і справа гэта аказалася па душы.

– З такімі людзьмі працаваць лёгка, бо і справу сваю яны выконваюць бездакорна, і я цвёрда ўпэўнены, што землякі мяне ніколі не падвядуць, – падкрэсліў Аляксандр Жук.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара